Мой тата.

Мой тата.

Уводзіны

У школе вучням далі заданне напісаць сачыненне на тэму  “Мой тата”. Мой сын напісаў пра мяне. Здаецца, як заўсёды ён паставіўся да гэтага абыякава і напісаў так, каб толькі адчапіліся. Таму я вырашыў зрабіць гэта за яго. Трэба сказаць, што ў школе так пішуць большасць розных работ, даследаванняў, праектаў і г.д.  А я настаўнік.  Пра гэтае  ўсім вядомы радкі- “папа у Васи силён в математике”, і  “отец слышишь рубит, а я отвожу”. У дзяцей заўсёды не хапае часу.  “Гуляй пакуль малады”. У мяне ж час ёсць, таму…

Мой тата агароднік.

Мой тата любіць агарод. Ён захапіў даволі вялікі кавалак зямлі і як Маленькі прынц упарадкоўвае яго. Калі на суседніх агародах пануе парадак, то на татавым – першабытны хаас. Яго суседзі па агароду  бязлітасна знішчаюць пустазелле.

Яно не мае права на існаванне таму, што ад яго няма карысці. Так усе думаюць.


Але не мой тата. Ён кажа: - Не трэба успрымаць свет як барацьбу дрэннага і добрага, карыснага і шкоднага. Не трэба канфрантацыі, трэба згода і супрацоўніцтва. Паглядзі сын, у прыродзе ўсё ўраўнаважана. Гэта называецца біяцэноз. Адзін аднаму заўсёды дапамагае выжыць. Адзін чалавек знішчае ўсё, што толькі не прыносіць яму карысці.

Мой тата шкадуе нават каларадскіх жукоў. Ніколі іх не травіць. Праўда збірае іх і давіць.

Ён тлумачыць гэта тым, што захоўвае вернасць жэнеўскім і гаагскім пагадненням, якія забараняюць ужыванне атрутных рэчываў. Мне ж цяжка зразумець, чым жа яго спосаб знішчэння жукоў гуманней. А яго метад - плюшчыць лічынкі жукоў, ператвараючы іх у кашыцу.

Фу!!!- кажу яму.

Так, згаджаецца ён. Гэта мярзота. Ператвараць немаўлят жукоў у кашыцу. А хіба забойства павінна быць прыемным ці займальным, як у цябе ў гульнях? Забойству павінны спадарожнічаць адчуванні гідлівасці, агіды ад мярзоты зробленага.
Ці можа мне павесіць ордэн Героя агарода? Абаронцу капусты? І ладзіць перыядычна парады для запалохвання шкоднікаў.
Калі я яму кажу: - тата, дзе ж твае прынцыпы. Не забі, і іншае.
Ён мне:-Сын, іх свабода размнажацца і жэрці заканчываецца там, дзе яны замінаюць бульбе квітнець і набіраць вагу. Я захоўваю раўнавагу.
І наадварот, калі я заўважаю недадушаныя лічынкі, і кажу:-тата, як ты можаш цярпець гэтую дрэнь. Што можа быць агідней гэтай брыдоты. Ён кажа, Хай вырастуць. Паглядзі якія прыгожыя паласаценькія жучкі. Трэба толькі умець чакаць. Трэба імкнуцца быць цярпімым. Падрастуць і некаторыя нават змогуць паляцець. Калі б не умеў чакаць, то мне б цяжка было б працаваць ў школе настаўнікам.

Так і бачу, як ён на нас у класе глядзіць і бачыць гэтых ружаватых паразітаў і марыць, як з нас вырастуць лётчыкі і нават касманаўты. А пакуль толькі стрымлівае руку з таўшчэзнай указкай.

На агародзе яго што толькі не расце, хто толькі не жыве. Мой тата кажа, што яго агарод- гэта запаведнік. Калі хто і знішчаецца, то толькі тыя, хто не дае другім жыць. Дапамагаць трэба культурным раслінам, Абмяжоўваць пустазелле.

Зразумела, я не надта веру яму. Ведаю, што ён гадзінамі можа корпацца ў агароддзе, аднак рэдка бачу каб ён змагаўся з пустазеллем. Ён не скажа, што гэта марудная справа і яму проста лянота. Тата кажа, што ён чалавек гіпертрафаванай дабрыні і яму шкада нават пустазелля.

Кажа, а хто вызначае каму жыць, а каго знішчаць.

Ён у свой час напісаў апавяданне пра Госпада. (скарочана)

Пра стварэнне Зямлі. 

   Ф.М.Дастаеўскі пісаў:- "Прыгажосць выратуе свет" Ён быў веруючым чалавекам і казаў так, таму што разумеў, Бог стваральнік любіць прыгажосць і дзеля яе выратуе свет.І гэта было насамрэч так. Пан Бог любіў прыгажосць.

school students larvae of Colorado beetles at their desks

Калі ён набыў на межгалактычным распродажу планету Зямля, то марыў, што яна будзе самай выдатнай і цудоўнай. Ён марыў пра загадкавых пачвар, якімі ён заселіць планету, пра буйную расліннасць, якую выгадуе на ёй.
Ён зрабіў тое, пра што гэтулькі марыў. Стварыў атмасферу, урадлівы верхні пласт глебы, запусціў кругазварот вады, змадэляваў разнастайныя біяцэнозы і засяліў Зямлю дыназаўрамі, выгадаваў на ёй хвашчы,і папараць. А потым глядзеў на Зямлю і цешыўся. Больш за ўсё яго захаплялі велічэзныя прыгажуны дыназаўры.

 Але любаваўся ён імі не доўга. Дыназаўры на Зямлі не прыжыліся. Нягледзячы на сваю велічыню, велічэзныя зубы, скуру як браня, дыназаўры былі дэкаратыўнымі істотамі, якія патрабавалі вялікай увагі і клопатаў.

      Затое размножыўся нейкі маленькі двуногі паразіт. Прычым ён засяліў усю планету, незалежна ад разлічаных біяцэнозаў. Ён адаптоўваўся да любых умоў, незалежна ад даўгаты, шыраты, тэмпературы і вышыні.

Некаторыя лічуць, што выжывае мацнейшы. Тады гэтыя дыназаўры лёгка запаланілі бы ўвесь свет. Але лепш за ўсё выжывае пустазелле.

Творца не мог зразумець, адкуль ён узяўся і адкуль у такой з выгляду бездапаможнай істоты такая жывучасць. У яго не было ні кіпцюроў, ні панцыра, слаба развітыя зрок, слых, нюх,  і зубы. Плаваў  і бегаў ён сяк-так, а лётаць зусім не ўмеў. Нават размножваўся ён не вельмі актыўна. Як ён да ўсяго прыстасоўваўся, было загадкай. Але мала таго, як ён паўсюль рассяліўся,, ён у адно імгненне за  сто - дзвесце гадоў як саранча знішчаў,, пажыраў усё, што было з такой любоўю  выгадавана.

Творца, занепакоены  тым, што адбываецца на яго  планеце, наведаў свайго сябра  на планеце  Х, таксама гарачага аматара прыроды.

Творца: -Не разумею, адкуль ён узяўся?

Знаёмы  -Кажуць яны  развіваюцца з прыматаў, таму не раяць іх разводзіць.

Творца : -Нешта  не верыцца. Мае прыматы самыя бяскрыўдныя істоты. Сядзяць на дрэвах і ядуць сабе бананы.

Знаёмы: - Кажуць бывае заносяць з дыназаўрамі. Яны занадта разумныя. Схаваюцца не знойдзеш. За панцырам могуць схавацца, нават робяць імітацыю на целе дыназаўра. Думаеш, ах які цікавы па форме нарост, ці рог нейкі. Прывязеш дыназаўра, глядзіш, а ён адваліўся. А яны там сядзелі і разбегліся па планеце. На самой справе яны спецыяльна яго і зрабілі.

Творца: Што ім на сваёй планеце не сядзіцца?

Знаёмы: Ды яны ўсё так загадзілі, што там немагчыма болей жыць. Таму не чакай, знішчай. А тое яны разнясуць тваю планету на кавалкі.

Творца: Не не магу.

Знаёмы: Колькі  можна цярпець. На тваім месцы даўно зрабіў бы для іх канец свету. Поўнасцю ўсё пачысціў, а затым ўсё ўладкаваў па-новаму. Папаратнікі, хвашчы і дыназаўры.

Творца: Не магу.У свой час  думаў, ўсё , хопіць. Але пакуль меркаваў  як зрабіць канец света, даведаўся, што гэтыя маленькія паразіты вераць ў тое, што мой сын іх Бог. Іх Бог-Любоў!!?

 Уяві сабе. Яны, што знішчаюць вакол сябе ўсё, нават ,  адзін аднаго, кажуць, што быццам мой сын ахвяраваў сабой, каб выратаваць іх. Што сэнс жыцця ў любові. І як я магу іх знішчыць, А сын. Я б марыў мець такога сына. А ты?

Знаёмы:  Хто б не хацеў.

Творца:  Мой сын кажа- палюбі бліжняга свайго. Зразумела ён Святы, ён - Бог. Я - ўсемагутны, але як мне цяжка палюбіць гэтых паразітаў, як цяжка змірыцца з тым, што яны робяць. А ён можа. Вось ён, а не я- ўсемагутны. Мой сын іх выратаваў.

Знаёмы: Дык што,  у цябе сапраўды ёсць сын.

Творца: Я сам пачынаю ў гэта верыць. А бывае пачынаю думаць, можа яны проста хітраць? Можа яны проста мяне дураць? Хто іх ведае. Але калі яны шчыра вераць у тое, што гавораць, то як я магу іх знішчыць?

Знаёмы: (іранічна)Глядзі, твая справа.

 

Мой тата з гэтага маленькага апавядання зрабіў рэзюме.

 Чалавек будучыні.

  У маштабах усяго чалавецтва, вырашаючы праблему яго выжывання, у штодзённым жыцці ў свядомасці людзей павінен заахвочвацца і сцвярджацца не стэрэатып паводзін чалавека шырокай натуры, а чалавека дробязнага(?),, ашчаднага, эканомнага.

Прагны,, ашчадны чалавек пакідае пасля сябе менш смецця, адкідаў , выхлапаў.

Прагнасць і эканомнасць, уменне здавольвацца малым вызваляе часцяком ад неабходнасці працаваць.

Тэхнічны прагрэс наупрост залежыць ад узроўня спажывання. Таму на Захадзе ўсё накіравана на стымуляванне спажывецкага попыту. Адна чацвёртая насельніцтвы чалавецтва спажывае тры чвэрці энергарэсурсаў планеты. Небяспечны шлях для чалавецтва.

Уменне задавольвацца малым,, ашчаднае стаўленне да таго што маеш, вызваляе ад шматлікіх клопатаў па набыцці не толькі лішняга, але і неабходнага.

Гэтак мой тата пад сваю прагнасць падвёў цэлую тэорыю існавання чалавецтва.

Людзі па меркаванню таты- паразіты планеты. Памылка Госпада. Яны толькі гадзяць, знішчаюць, смуродзяць і смярдзяць. Дык, што цяпер, знішчаць ўсіх?

Мне здаецца, што мой тата на сваім агародзе адчувае Госпадам богам. Звычайна ён шкадуе сваіх гадаванцаў. Жабкі, краты, мурашы, Ніхто яму не замінае. Праўда яго аднойчы раззлавалі восы.

Яны пабудавалі ў зямле гняздо. А тата выпадкова лапатай яго разварушыў. Шкада, што я ня бачыў як Пан Бог нашага агарода імчаўся, як ашалелы, а яго джалілі восы ў галаву, спіну, ногі. Зразумела, так проста гэта тата ім не дараваў.




Куры.


Але не толькі насякомыя наведваюць татаў агарод. А яшчэ, ў зіму зайцы, а у вясну и лета  куры. 

Вясной  тата садзіць розныя культуры, а куры робяць набегі. Ён кажа, што куры, негледзячы на рэпутацыю даволі глупых птушак, вельмі хітрыя. Калі ён працуе, яны ніколі не лезуць на агарод, а калі ён застае іх знянацку, ляцяць як пералётныя птушкі з агароду.

Спачатку, тата думаў, што куры проста вельмі дапытлівыя птушкі, яны сядзяць у засадзе і назіраюць, што ж ён робіць, а калі сыходзіць з агарода, раскопваюць ўсё, таму, што ім цікава, што ж ён засунуў у зямлю, што ён там хавае. Быццам яго імя - Бураціна.

Але цяпер ён прытрымліваецца іншай думцы. Ён лічыць, што куры пасланы Госпадам Богам. Па –першае каб закаляць у выпрабаваннях татаў дух, і галоўнае каб тата адчуў, як цяжка Госпаду Богу назіраць за планетай, за тым што ён з такой любасцю ствараў, цярпліва і акуратна. А цяпер чалавек, ўсё гэта разбурае, гадзіць, смуродзіць.

Быццам кажа: Ну што, Пан Бог агарода. Як цябе? Ты пасадзіў, параўняў ўсё, раскамячыў кожны кавалачак зямлі. На цябе курак шчабятурак.

Таму тата ставіцца да курак паблажліва. Як і да зайцоў, што ў  зіму грызуць яго яблынькі.

Тата на сваім агародзе любіць эксперыментаваць. У свой час ён выводзіў жаб, якія б знішчалі каларадскіх жукоў.  Калі ён ў сваёй хаце праводзіў рамонт, то замест старой чыгуннай  ванны ён зрабіў душавую. Ванну ён завалок на агарод. Як яму гэта  ўдалося аднаму,  невядома. Мы ўсе жартавалі, ну ўсё , набярэш вады, ўлезешь, а вакол кузнечыкі стракочуць. Маліна  ягаду прама ў рот скідвае. Працягнеш руку і агурком пахрумсціш. 




Але тата не слухае нашых парад і ў ванну набірае ваду для паліву. Зразумела у ванну забіраюцца жабкі. А вылезці ня могуць. А  яшчэ чамусці з бульбы падалі, а можа заляталі, каларадзкія жукі. Тата не кожны дзень наведвае свой агарод. Бывае тыднямі не звяртае ўвагі. Яго здзіўляла, як жа выжываюць без ежы гэтыя жабкі. Можа яны ядуць жукоў? Ён кажа, што гэта яго адкрыццё. Ён казаў, што падлікі жукоў, дакладней лічынак жукоў, паказваюць, што жабкі з галадухі іх ядуць. Новая парода жабак, што ядуць жукоў. Новы біяцэноз. Бульба і жабы. Прыклад згоды і супрацоўніцтва. Праўда я не веру. Мне здаецца, што ён гэта прыдумаў. Ці можа гэта яго мара, ці няздзейснены праект.

Калі я яму гэта кажу, то ён кажа, я ж не Пан Бог. Нават і яго праекты не бездакорныя. Калі ён рабіў Адама і Еву, няўжо ён меркаваў, што ў будучым запануюць крыважэрныя гітлеры і сталіны.   

Дарэчы пра Сталіна. Мой тата настаўнік гісторыі. Але яго агародная сутнасць і тут дае пра сябе знаць. Прыклады і параўнанні да гістарычных працэсаў ён бярэ з сваёй агароднай справы.

Сталінскія рэпрэсіі ён называе - Вялікая праполка. Як так можа быць, кажуць яму. Праполка гэта знішчэнне пустазелля, а тады знішчалі найбольш цэнныя культуры?

А што калі ўявіць, што канцавой мэтай Вялікай праполкі  было стварэнне футбольнага газону. Таму ён выраўноўваў, пляжыў,  бязлітасна знішчаў ўсё, што выдзялялася.

А цяпер мы здзіўляемся, чаму так шмат і цяпер прыхільнікаў Вялікай праполцы. За паслясталінскі час шмат, што зноў нарасло. Але газонная трава лічыць, што не зашкодзіла бы зноў падраўняць ўсіх, а некаторых і увогуле з каранём выдраць.

Тыя самыя агародныя асацыяцыі ў таты і наконт сучаснай Еўропы. Калі ён кажа пра новыя еўрапейскія дыяспары. Само паходжанне слова агароднае. Азначае рассейванне. Людзі баяцца, што гэты самасеў заглушыць еўрапейскія культуры. Падымаюць гвалт. Зноў жа падымаюцца аматары праполцы фашысты. Трэба адзначыць, што менавіта гэта іх злучае з сталіністамі. Але што рабіць?

Тэорыя мульцікультуралізму кажа, што хай яны растуць сумесна, І адзін аднаго дапаўняюць. Але ж мы ведаем, што гэта рэдка адбываецца. Часцей на агародзе расліны душаць адзін аднаго. Што ж рабіць?

Трэба кожнаму знайсці свае месца. Гэта цяжка, але ёсць выпадкі ў гісторыі.  Напрыклад, ВКЛ. Усім знаходзілася месца. І татарам, і яўрэям, і беларусам і безліч каго яшчэ.      

Мой тата-хрэн.

Звычайна людзям, як і раслінам, не патрэбны глыбокія карані. Усё, што трэба для жыцця, знаходзіцца на паверхні. Менавіта на паверхні знаходзіцца ўрадлівы пласт. У нас на Беларусі ён зусім тоненькі. Гэты культурны пласт задавальняе патрэбы большасці.
Мой жа тата імкнецца ўглыб. Што ён там знаходзіць? Няўжо яму мала серыялаў? Не-е-е, падавай яму Вудзі Алена, Бергмана. Мала детектываў? Падавай Кафку, Гессе, Іанеска. Мала папсы? Падавай яму бахаўскія кантрапункты.
Ён, зразумела, не адзін такі хрэн. Ёсць і такія, што пранікаюць шмат глыбей за тату.

Цікава, што галоўная хрэнава праблема творчасці – адзіноцтва, адарванасць. Дык на што, яны так паглыбляюцца? Быццам шукаюць таямнічыя скарбы.

Хрэнам гэта дазваляе ўхіляцца ад змагання з другімі каранямі, адасобіцца і жыць так як хочаш. Сапраўды – адзіноцтва іх мэта, а не бяда.

Больш за тое, уменне знаходзіць, там, дзе ніхто нічога не знойзде, тое, што ніхто не зможа пераварыць, акрамя іх, робіць хрэнаў самадастатковымі.

Узяць, напрыклад, трускалкі. Яны маюць моцныя карані на паверхні. Таму яны моцна залежаць ад суседзяў. А на паверхні іх шмат. Менавіта там самы ўрадлівы пласт. Там круціцца ўсё пустазелле.

Калі трускалкам каб выжываць трэба ўсім падабацца, мець салодкі смак, вытанчаны пах, прыгожы выгляд. Усё каб іх абаранялі ад гэтай навалачы пустазелля, і кармілі ўгнаеннямі, хрэну гэтага не трэба.

Яму не страшна гэтая пустазеллява навалач, яго не трэба абараняць. Ён самадастатковы. Ён вольны.

Але каму ён патрэбны? Каму ён цікавы?

Здаецца такім жа хрэнам як і ён сам.

Трэба быць прастей, як кажуць, і да цябе пацягнуцца людзі.

Каб высмактаць цябе.

  Рай.

Тата кажа, што Пан Бог выгнаў Адама і Еву з рая. З таго моманту чалавек заўсёды хоча вернуцца туды. Але ж трэба чакаць смерці. Да таго ж і ня ўсе туды трапяць. Некаторыя ў пекла.

Таму напрацягу жыцця чалавек імкнецца стварыць нейкую мадэль рая на зямлі.

Глядзі, сынок. Ён махае рукой на свой агарод, дзе ўсё расце абы як, а пустазелле па пояс. Гэта – рай.  Парадіз.

 На ўсіх суседніх агародах усё роўнюсенька, прыгожа, аніводнай травінкі. А у таты –хаас.

А у іх тады што?

Ну, гэта іх рай. Яны яго так увасабляюць.

Я яму-

Тата- якія там Адам і Ева. Ты ж казаў, што людзі-паразіты.

Ну, у цэлым так. Але ўяві сынок, што ты –паразіт. Табе гэта не цяжка. І што? Кожны паразіт хоча лічыць сябе богападобнай істотай, хоча мець ідэал да якога імкнуцца. А тое, што сутнасць яго паразітская, то гэта пакаранне божае. Вынік першароднага граху.

 Таму у чалавека з’яўляецца імпульс імкнуцца да лепшага.

Тата, ты ж казаў, што яны ж прыляцелі з космасу.

Ну так. Спачатку ж ўсё ж такі яны адкуль ўзяліся. Перад тым, як трапіць ў космас.    Хтосці іх стварыў?

Дык, што Бог не адзіны?

Ну што прычапіўся. На Зямлі адзіны.


Комментариев нет:

Отправить комментарий